gallery/fb_icon
gallery/book_logo
Радыё Свабода
СЛОЎНІК РЫФМАЎ
gallery/minkin

Ад укладальніка

У “Слоўнічку расейска-беларускіх адпаведнікаў”, у левай графе, пададзеныя расейскія словы й словаспалучэньні (выслоўі, устойлівыя выразы, параўнаньні ды інш.), на якіх мы найчасьцей “спатыкаемся”, робячы мэханічны пераклад з расейскай мовы, ствараючы “кальку” замест праўдзівага беларускага адпаведніка. У правай графе складальнік паспрабаваў, паводле собскага густу й дасьведчанасьці, паказаць сапраўдныя моўныя адпаведнікі. Гэткім парадкам, “Слоўнічак адпаведнікаў” трэ’ разглядаць з-пад увагі, што гэта ня проста “Расейска-беларускі слоўнік”, а, перадусім, спроба выбавіцца зь верхменаванага “калькаваньня”. Маім галоўным заданьнем было стварыць  практычны дапаможнік для шырокага кола карыстальнікаў – для ўсіх, хто карыстаецца беларускай мовай.

Слоўнічак-дапаможнік адрасаваны збольшага асобам, якія добра ведаюць родную мову, аднак складальнік залучыў у яго й пэўную частку словаў добраведамых. Прыкладам: земляника – суніцы, картошка – бульба, скворец – шпак, дбаючы й пра тых, хто ў недастатковай ступені валодае мовай.

Ёсьць у слоўнічку й троху словаў іншаземных, асабліва такіх, якія маюць беларускія адпаведнікі (акцентировать – акцэнтаваць, падкрэсьліваць, вылучаць голасам; троглодит – траглядыт, пячорны чалавек). Некаторыя “іншаземы” залучаныя ў слоўнік дзеля іхнай арфаграфіі па-беларуску: информационный – інфармацыйны, маскироваться – маскавацца. Ёсьць таксама пэўная колькасьць словаў-тэрмінаў з пазнакаю ў дужках: (мед.), (мат.), (тех.), (грам.) і т.д.; назваў жывёлаў і птушак; геаграфічных назваў. Што да апошніх, дык складальнік насамперад імкнуўся залучыць у слоўнічак беларускія назвы краінаў (Венгрия – Вугоршчына, Испания – Гішпанія і г.д.) ды беларускую тапаніміку, асабліва тую, якая за царскім ды радзецкім часам была гвалтоўна перакручаная: Светлагорск – Шацілкі, Слаўгарад – Прапойск,  Дзержинск – Койданава, Миоры – Мёры, Верхнедвинск – Дрыса.

Наватворы й малаўжываныя словы падаюцца складальнікам у прастакутных дужках: повитуха – пупарэ̀зіца, [вабдзѐлка], артист – арты̀сты, [кудзѐйнік].

Яшчэ адна праблема – шматварыянтнасьць. Там, дзе складальнік збольшага справіўся з заданьнем, карыстальнік знойдзе шэраг словаў і азначаньняў, прыкладам:

                                                                  действительный (мат.)                        рэчаі̀сны

                                                                  действительный (настоящий)           сапра̀ўдны

                                                                  действительный (член академии)   правадзѐйны

                                                                  действительный (действующий)      дзѐйсны

                                                                  действительный (законный)             пра̀ўны, што ма̀е сі̀лу

Там-жа, дзе складальнік ня справіўся, у дужках пазначана: (разл.), г.зн. “различается”. Што да мяжы паміж гэтак званай “сучаснай літаратурнай беларускай мовай” і гэтак званымі “дыялектызмамі”, дык яна, на думку складальніка, вельмі ўмоўная. Таму складальнік наўмысна не рабіў адрозьненьня паміж гэтымі паняткамі, а падаваў увесь знойдзены ім ланцужок беларускіх адпаведнікаў без увагі “літаратурныя” яны ці “дыялектныя”:

                                                                  догадка – здага̀дка, здогадзь, здогад, [панаўмѐньне]

                                                                  находка – знаходка, зна̀хадка, зна̀хад 

                                                                  калитка – вѐсьніцы, фортка, бра̀мка, каварацѐц

У працы над Слоўнічкам складальнік выкарыстаў як свае ўласныя напрацоўкі, так і напрацоўкі іншых асобаў, неабыякавых да праблемы “ка̀лек-калѐк” у сучаснай беларускай мове. Асабліва ўдзячны нашаму цудоўнаму мовазнаўцу (“пурыстаму” ў дадатным сэнсе гэнага слова) Юрасю Пацюпе, а таксама Зьміцеру Санько, аўтару “Малога руска-беларускага слоўніка прыказак, прымавак і фразем”.

Спадзяюся таксама на плённую дапамогу ўсіх тых, каго зацікавіць «Слоўнічак». Чакаю заўвагаў, канструктыўнай крытыкі, новых словаў і словаспалучэньняў. Мо супольна створыма нешта больш дасканалае. З-пад увагі, што складальнік слоўніка ніякі не мовазнаўца, а проста моўны практык, маю спадзеў на колечы-якія камэнтары да дасыланых словаў і словаспалучэньняў. Адрэса для кантактаваньня: xnicka@gmail.com

Алег Мінкін